традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Мастоўскім, Шчучынскім і Зэльвенскім р-нах Гродзенскай вобл. Жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца з цёмна-сіняй даматканкі, кроеная з 6 кліноў або андарак з 4 прамавугольных полак (чырвона-малінавага колеру ў вузкія гарыз. разнаколерныя паскі), белы або цёмны фартух, аздоблены фальбонамі і карункамі, катанка (накшталт кофты) з белага ці шэрага валенага сукна, аблямаваная чорным аксамітам. Галаўныя ўборы жанчын — каптур, даматканая ці крамная хустка, упрыгожанні — каралі, стужкі, крыжыкі. Мужчынскае адзенне істотных мясц. адрозненняў ад іншых строяў Панямоння не мела. Вопраткай былі белая або шэрая світа, кажух.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.. Жанчыны ў верхнім адзенні (катанках). Вёска Катчыно Мастоўскага раёна. Пачатак 20 ст.